13.05.16
220-годдзю Яна Чачота прысвечана...

Напярэдадні Міжнароднага дня сям’і выхаванцы старшай групы наведалі цэнтральную раённую бібліятэку, дзе адбыліся сямейныя чытанні, прысвечаныя 220-годдзю славутага земляка Яна Чачота. Яны пачулі баладу пра паходжанне назвы Новая Мыш, на стварэнне якой Яна Чачота натхніла рамантычная легенда.

Нарадзіўся Ян Чачот у вёсцы Малюшычы Наваградскага павета на самым схіле ХVІІІ стагоддзя - 24 чэрвеня 1796 г., якраз на свята Яна Купалы - таму і атрымаў такое імя. Хрысцілі малога Яна, «сына радавітай шляхецкай сям'і Чачотаў - Тадэвуша і Клавы з дому Гаціскіх», як даводзяць метрыкі, у парафіяльным касцёле ў Варончы. Прычым ён быў ахрышчаны двойчы - спачатку, 6 ліпеня, вуніяцкім, а потым, 19 ліпеня, - каталіцкім святаром, які даў яму і другое імя - Антоні. З Малюшычаў Чачоты, якія арандавалі там фальварак, праз нейкі час перабраліся пад Баранавічы. Гаспадар сям'і Тадэвуш Чачот наняўся там да пана Тызенгаўза служыць аканомам у маёнтку Рэпіхава Навамышскай парафіі таго ж Наваградскага павета (цяпер - Ляхавіцкі раён). Тут, на берагах ракі Мышанкі, і «прамільгнуў ранак жыцця» Яна Чачота, як сведчыць яго балада «Мышанка». 

Адсюль, з-пад Новай Мышы, Ян Чачот падаўся на вучобу ў павятовы горад Наваградак, у дамініканскую школу, дзе шчыра, на ўсё жыццё пасябраваў са сваім аднакласнікам, таксама ўраджэнцам Наваградчыны, будучым вялікім паэтам з сусветным імем Адамам Міцкевічам. Пра пачатак гэтага сяброўства, пра гады вучобы ў Наваградскай школе святых дамініканцаў, ці «белакаптурных», як называлі іх вучні (ад адзення - белы каптур), паэтычна расказвае Адам Міцкевіч у вершы, напісаным 24 чэрвеня 1819 года ў час святкавання імянін Яна Чачота.